Псіхолаг: «Мужыкі скардзяцца на жонак, якія не вылазяць з сацыяльных сетак»

Аксана Бланк больш за сямнаццаць гадоў працуе псіхолагам. На яе вачах мяняліся беларускія пары і іх праблемы. Што хвалявала каханых раней і цяпер, чаму так складана пабудаваць здаровыя раўнапраўныя адносіны і ці дапамагаюць гэтаму феміністычныя погляды? Разбіраемся разам.

Даведка «НН»: Сузалежнасць — страта пачуцця ўласнай значнасці, калі партнёр ці іншы чалавек успрымаецца як галоўны сэнс жыцця, пры гэтым уласныя інтарэсы адыходзяць на другі план.

«НН»: Лічыцца, што беларускам уласціва песціць мужчыну і глядзець яму ў рот яшчэ з пасляваенных часоў, калі мужыкоў засталося мала: разбіралі ўсіх, абы гаспадар быў у хаце. Час бяжыць, ці змянілася нешта ў гэтым кірунку?

АБ: Менталітэтны ланцужок памяркоўнасці шмат у чым працягваецца: працуе пераемнасць пакаленняў. Бывае, дзяўчына незадаволеная партнёрам, але пад бокам знаходзіцца маці, якая папракае: ты ж абрала яго як мужа, трывай. Так і церпім.

Сузалежных адносін зараз не менш. Можа, скарацілася колькасць зваротаў ад прадстаўнікоў сямейных пар. Гэта таму, што людзі радзей і пазней бяруць шлюб. У нездаровай сузалежнасці шмат прычын, многія з іх родам з дзяцінства. Уплывае на гэта таксама сацыяльная абстаноўка: калі ў грамадстве беспрацоўе, нельга пабудаваць жытло, адзін з партнёраў будзе трымацца іншага, нягледзячы ні на што, бо яму банальна няма куды ісці.

Увогуле, псіхалагічная адукаванасць людзей стала вышэйшай. Калі яны і прыходзяць на кансультацыю да спецыяліста, то з пэўным багажом ведаў. Раней кліенты казалі, напрыклад: у мяне муж дрэнны, што рабіць? А цяпер, у першую чаргу, просяць дапамагчы разабрацца ў сабе. Гэта добры знак, бо ў адносінах адказнасць ляжыць на абаіх.

«НН»: Вось гэтая ўстаноўка «выбрала — трывай» вельмі небяспечная, але сустракаецца часцяком. Якіх яшчэ стэрэатыпных паводзін мы трымаемся, мабыць, самі таго не ведаючы?

АБ: З гэтай жа гісторыі перакананне: б’е — значыць кахае. Шмат хто перакладае гвалт як добры знак: на цябе звярнулі ўвагу, ты патрэбны. Гаворка пра тое, што пара складаецца з дзвюх паловаў, таксама правальная: звычайна паловы не могуць адна без другой. Так, людзям павінна быць добра разам, аднак нармальныя партнёры будуць добра сябе адчуваць і паасобку, бо яны яшчэ і індывідуальнасці.

«НН»: А ці часта за псіхалагічнай дапамогай звяртаюцца мужчыны?

АБ: Калі яшчэ 17 гадоў таму ў маёй практыцы былі адзінкі мужчын, то зараз іх шмат. Чамусьці лічыцца, што хлопцам лягчэй знайсці спадарожніц, таму што іх менш. Але ў мужчын таксама складаныя сітуацыі: яны не могуць адважыцца сысці з няўдалых адносін, баяцца не знайсці партнёра, застацца ў адзіноце.

Што цікава, у апошні час да псіхолагаў нярэдка звяртаюцца мужчыны, жонкі якіх увесь вольны час бавяць у сацыяльных сетках (зусім нядаўна жанчыны жаліліся на хатніх геймераў). Дзяўчыны ў такіх умовах становяцца абыякавымі, з імі немагчыма пабудаваць дыялог. Часам гэта азначае, што яна заняла пазіцыю перавагі: калі ў адносінах хлопец быў аўтарытэтны, больш зарабляў, партнёрка адпраўляецца ў сеціва, каб кампенсаваць уласныя комплексы. Там яна знаходзіць ілюзію грамадскай вагі і значнасці.

«НН»: Апошнім часам у Беларусі актывізаваліся феміністкі. Вы ацэньваеце гэта як добры для жанчын нашай краіны знак?

АБ: Я ўвогуле не ведаю, што большасці жанчынам дадаткова трэба? Колькі гадоў я працую, назіраю, што ў большасці сем’яў ужо даўно пануе матрыярхат: кабеты вырашаюць усе пытанні.

Калі казаць пра працяг ссоўвання роляў, незразумела, як гэта адаб’ецца на будучых пакаленнях. Нават цяпер не заўсёды разумееш, хто перад табой: дзяўчынка ці хлопчык. Мне б хацелася, каб кожны выконваў сваю прыродную ролю і такім чынам атрымліваў задавальненне ад жыцця. Кепска ўсё, дзе ёсць крайнасць.

Як не стаць сузалежным — парады псіхолага:

  • Пазбягайце адзіноты, жывіце цікава. Памятайце, што ваш сардэчны сябар — не ўвесь свет.
  • Добрыя ўзаемаадносіны — гэта калі двум «Я» хораша як разам, так і паасобку, кожнаму ў сваёй ролі. Не трэба гуляцца яшчэ і ў маці ці, наадварот, у капрызных дзяцей.
  • Нельга рабіць з сябе ахвяру і несці свой «крыж» да канца дзён, каб дапамагчы камусьці, хто таго не жадае, спрабаваць змяніць чалавека, замест таго, каб займацца сабой.
  • Псіхалагічныя праблемы — гэта праблема не толькі слабых людзей. Не саромейцеся прызнацца ў тым, што нешта не так, і звярнуцца па дапамогу. Працяглыя сузалежныя адносіны тояць у сабе небяспечныя наступствы: дэпрэсію, панічныя атакі і нават самагубства.
  • Не бывае такога, каб мы зусім не залежалі ад іншых людзей, бо знаходзімся ў соцыуме. Натуральна замяніць партнёра і клапаціцца пра яго, калі ён хварэе ці звольніўся. Але ненармальна, калі зусім губляецца індывідуальнасць (кажучы пра жанчын, гэта існаванне выключна па схеме «праца і дом»). Пры такім раскладзе вы і для сябе будзеце нецікавымі, што ўжо казаць пра іншых.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

(c) Наша Нива, NN.by


«Любимый мужчина сломал меня, и теперь я сама не знаю, кто я»: письмо нашей читательницы

Семь детских вопросов о новых денежках

Чтобы не жалеть: 33 правила материнства от психолога

Моя жизнь: «Я вышла замуж, но до сих пор не могу «отпустить» свои прошлые отношения»

Что такое Sand play (сендплей)? Или немного о юнгианской песочной терапии