• пн.-пт. 10.00 - 21.00
  • сб. 11.00 - 16.00
  • ул. Заводская, 10, 2 этаж
  • (2 мин от ст.м. Пролетарская)
Консультации психологов, тренинги, семинары

Каб бэбі-блюз не выліўся ў псіхоз. Што мамам, татам і бабулям трэба ведаць пра пасляродавую дэпрэсію

Калі сутыкаешся з гэтым сам, разумееш усю сур’ёзнасць гэтай праблемы.

Разам з псіхолагам Цэнтра паспяховых адносін Янінай Каноўка разбіраемся ў асноўных формах дэпрэсіі маладых мам і вызначаем, у якіх выпадках варта біць трывогу і звяртацца па дапамогу да спецыялістаў.

Што з сябе ўяўляе пасляродавая дэпрэсія?

Пасляродавая дэпрэсія — гэта псіхічнае расстройства, якое, па статыстыцы, бывае ў 10—15 % жанчын і пасля родаў, і цяжарнасці, якая не скончылася нараджэннем дзіцяці. Паводле звестак беларускага псіхіятра Вікторыі Галубовіч, 42% беларускіх мам сутыкаліся з пасляродавай дэпрэсіяй.

Шмат у чым на псіхалагічны стан уплывае пераналаджванне гарманальнага фону. Пачацца дэпрэсія можа яшчэ і падчас цяжарнасці: калі, напрыклад, жанчына не рыхтавалася да яе, не планавала. Ці калі будучая маці вельмі баіцца працэсу родаў. Таксама дэпрэсія можа праявіць сябе пазней, калі дзіцяці будзе паўгода і нават 2 гады.

Формы дэпрэсіі

Вылучаюць тры формы такой дэпрэсіі:

  • так званы пасляродавы бэбі-блюз — першая ступень цяжкасці (характарызуецца няўстойлівым настроем — лёгкай прыгнечанасцю ці, наадварот, эйфарыяй, парушэннямі сну. Цягнецца ад пары дзён да некалькіх тыдняў);
  • непасрэдна пасляродавая дэпрэсія;
  • пасляродавы псіхоз — самая цяжкае псіхічнае парушэнне, якое можа праяўляцца ў галюцынацыях, хваравітых ідэях, параноі, звязанай з пераследам, парушэннях арыентацыі (жанчына можа губляцца ў прасторы і часе, забываць, які сёння дзень, і гэтак далей).

Галоўныя прыкметы, што з вамі нешта не так

У галаве ўзнікаюць думкі пра адсутнасць сэнсу ў далейшым жыцці, развіваецца пачуцце віны («я не даю рады, я кепская маці»). Нарастае раздражняльнасць (нервуюць самыя звычайныя моманты — дзіця, муж, уласны адбітак у люстэрку). Відавочныя рассеянасць, немагчымасць сканцэнтравацца на нечым адным. Павышаецца эмацыйная чуллівасць, жанчына можа знянацку, без сур’ёзных на тое прычын заплакаць, настрой ад добрага да дрэннага мяняецца імгненна.

Становіцца немагчымым паўнавартасны адпачынак: нават калі дзіця спіць, маці не можа пазбавіцца трывожных думак і заснуць сама. Не атрымліваецца знайсці задавальненне ў справах, якія цешылі раней. Назіраецца своеасаблівае адарванне ад дзіцяці: маці не выконвае элементарных рэчаў па доглядзе яго (не хоча браць на рукі, ніяк з ім не ўзаемадзейнічае).

Плюс да ўсяго могуць пачацца праблемы з памяццю: жанчына будзе забывацца нават пра тое, што адбывалася зусім нядаўна. Таксама характэрныя функцыянальныя расстройствы арганізму: праблемы са страўнікам, галаўныя, а таксама болі ў мышцах і суставах. Жанчыны адмаўляюцца як ад сну, так і ад ежы.

У самых радыкальных выпадках маці цалкам замыкаецца ў сабе, пачынае адчуваць да нованароджанага злосць і агрэсію.

Парады «вазьмі сябе ў рукі» ў дадзеных выпадках ніколі не працуюць.

Не ў маёй практыцы, але ў калег наступствамі такога стану рабілася такое, што не хочацца нават пераказваць.

Нанясенне шкоды сабе і дзіцяці — гэта крайняя форма праяўлення пасляродавай дэпрэсіі.

Добра, калі да трагедый не даходзіць і памежны стан жанчыны своечасова ідэнтыфікуюць яе мама ці тата, муж, сваякі, сяброўкі і гэтак далей. Існуе просты анлайн-тэст: Эдынбургская шкала пасляродавай дэпрэсіі. Там усяго 10 пытанняў, якія дапамагаюць дыягнаставаць дэпрэсію на ранняй стадыі — парайце прайсці тэст маладой маці, за якую хвалюецеся.

Хто знаходзіцца ў групе рызыкі?

Па-першае, на развіццё дэпрэсіі ўплывае фактар спадчыннасці. Калі сярод вашых продкаў былі тыя, хто пакутаваў ад любых псіхічных захворванняў, вы загадзя ў групе рызыкі. Мінус, калі побач няма людзей, якія могуць дапамагаць даглядаць дзіця (мужа, маці, сваякоў). Часцяком пасляродавая дэпрэсія спасцігае тых жанчын, якія нараджалі без мужа і пасля родаў заставаліся з дзіцём адзін на адзін.

Чаму нашы маці і бабулі не памятаюць ніякіх пасляродавых дэпрэсій?

Калі разглядаць пакаленне нашых бабуль, асабліва калі тыя жылі ў вёсцы, то ў іх сем’ях назіралася моцная сувязь пакаленняў. Дзеці раслі ў шматдзетных сем’ях, і маленькія дзяўчаты, часцей за ўсё, назіралі за тым, як гадуюць іх малодшых братоў і сясцёр.

Блізкая камунікацыя мела месца не толькі ў членаў адной сям’і, але і сярод найбліжэйшых суседзяў: заўсёды побач былі тыя, хто мог прыйсці на дапамогу. Акрамя гэтага, пасля родаў жанчына не выключалася са звыклага рытму жыцця: як і раней, яна працягвала працаваць у полі, весці гаспадарку.

З пакаленнем нашых маці была крыху іншая сітуацыя: яны нараджалі і гадавалі дзяцей у савецкія часы, дзе ўся дзяржаўная сістэма спрыяла таму, каб хутчэй зноўку ўключыць жанчыну ў вытворчы працэс. Ім не давалі цесна і надоўга ўключыцца ў мацярынства, пагрузіцца ў эмоцыі: у яслі маглі прыняць ужо з 4-х месяцаў.

Сёння мы маем магчымасць тры гады быць у дэкрэце, але пры гэтым часцяком знаходзімся далёка ад сваякоў: жанчыне няма да каго звярнуцца па паўнавартасную дапамогу. Яна застаецца адзін на адзін з дзіцём і нярэдка не ведае, што з ім рабіць.

Часта яе немаўля — першае, якога яна трымае на руках. Досведу ўзаемадзеяння з маленькімі дзецьмі да першых родаў у сучаснай жанчыны вельмі мала. Што рабіць з імі, калі яны з’яўляюцца, яна ўяўляе абстрактна.

Акрамя таго, усе папулярныя сёння даследаванні па грудным выкормліванні, спавіванні, лячэнні дзяцей радыкальна розняцца ад тых, што былі актуальныя 10—20 гадоў таму. Калі яшчэ нашых маці прывучалі да кармлення па раскладзе: кожныя дзве гадзіны, то цяпер усе дактары сцвярджаюць, што карміць трэба, калі дзіця таго патрабуе. Калі раней ухвалялася тугое спавіванне, то сучасныя спецыялісты катэгарычна супраць гэтага.

Сёння з’явіліся новыя лекі, новыя метады ў педагогіцы, псіхалогіі, медыцыне — велізарная плынь інфармацыі, якая льецца на маладых мам праз інтэрнэт, літаратуру. Усё гэта спрыяе псіхалагічнай разбалансіроўцы. Жанчыны не ведаюць, каго слухаць: ці то маці, ці то сябровак, ці то форумы. Інфармацыі зашмат і яна вельмі супярэчлівая.

Ці бывае пасляродавая дэпрэсія ў тат?

З татамі такое таксама здараецца: згодна з заходнімі даследаваннямі, у 8—10% выпадкаў. Звычайна гэта адбываецца, калі бацька бярэ на сябе зашмат мацярынскіх функцый па доглядзе дзіцяці. У выніку ён фізіялагічна і псіхалагічна вымучваецца.

Як дэпрэсія бацькоў уплывае на іх дзяцей?

Па выніках некаторых даследаванняў, дзеці, маці якіх пакутавалі ад пасляродавай дэпрэсіі, у выніку мелі асаблівасці ў далейшым развіцці. Гэта маглі быць і затрымкі ў псіхіцы, гіперактыўнасць, пэўныя псіхасаматычныя праяўленні і інш. Прычым псіхаэмацыйныя праблемы могуць напаткаць дзіця і ў 3, і ў 9 гадоў, і нават у падлеткавых гадах.

Ці можна зрабіць нешта загадзя, каб пазбегнуць дэпрэсіі ў будучыні?

Можна знізіць рызыку яе праяўлення. Першае і самае важнае, што варта зрабіць будучай маці, — заручыцца падтрымкай блізкіх: прагаварыць хвалюючыя моманты з маці ці мужам. Патлумачыць, што вам спатрэбіцца дапамога (у старэйшага пакалення можа быць уяўленне пра тое, што догляд нованароджанага цалкам кладзецца на плечы маці). Аднак дзіця — гэта праца 24 гадзіны ў суткі, без выходных, адпачынкаў і эмацыйнай аддачы. І толькі тое, што маці стала маці, не значыць, што яна павінна адчуваць выключна бязмежнае шчасце. Нейкі перыяд, канечне, будуць дзейнічаць эндарфіны, якія наш арганізм выпрацоўвае ў момант родаў, але прыблізна праз тры тыдні пасля іх эфект ад гэтых гармонаў заканчваецца, і вось тады і можа «зламацца» псіхіка.

Жанчыне, якая нарадзіла, трэба даваць высыпацца, сачыць, каб яна добра ела, гуляла на свежым паветры, расслаблялася, прымаючы душ. Каб у яе сапраўды заставаўся час пабачыцца з сяброўкамі без дзіцяці ці проста пачытаць кніжку ў цішыні. Ні ў якім разе нельга, каб жанчына замыкалася ў чатырох сценах і ізалявала сябе.

У сацсетках існуюць спецыяльныя суполкі па дапамозе маладым мамам. Больш дасведчаныя жанчыны могуць прыйсці да іх, каб дапамагчы па гаспадарцы ці прыбрацца ў доме, даць нейкія парады анлайн.

Ці можа дэпрэсія мінуць сама?

Можа, але толькі калі гэта яе самая лёгкая форма: так званы бэбі-блюз. Звычайна, калі дзіцяці спаўняецца 3 месяцы, яе сімптомы праходзяць. Калі гэтага не адбылося, стан жанчыны горшае з кожным днём — неабходна звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў.

Псіхолаг дапаможа прагаварыць асноўныя моманты, дапамагчы даць рады негатыўным эмоцыям, растлумачыць, што часовыя злосць і агрэсія да дзіцяці ці мужа — гэта нармальна, што насамрэч ні дзіця, ні муж не вінаватыя. Дазволіць паглядзець на сітуацыю збоку, разабрацца ў канфліктных пытаннях з блізкімі. Часам патрабуецца дапамога і псіхатэрапеўтаў: яны прапішуць патрэбныя медыкаменты. Сёння існуюць прэпараты, якія можна ўжываць нават маці падчас кармлення.

Што яшчэ важна памятаць?

Калі па жыцці вы ставілі сабе высокую планку ва ўсім: і ў гатаванні ежы, і па чысціні ў доме, у працы, строгім графіку — знізьце яе. У вас не павінна быць ідэальна чыста, нічога не здарыцца, калі кожны дзень вы не будзеце гатаваць тры стравы.

Вы не абавязаныя набываць дадому ўсе магчымыя цацкі для развіцця, якія рэкамендуюць навокал. Дзіцяці ў першы перыяд жыцця галоўнае — спакойныя, здаровыя, шчаслівыя маці і тата, і больш нічога.

Узаемадзейнічайце з малым, камунікуйце з ім, спявайце яму песні, адчувайце яго рэакцыю. Ужо з месяца дзіця пазнае маму і тату, хутка яно пачне пасміхацца вам у адказ. Не адмаўляйцеся ад любой дапамогі, калі вам яе прапаноўваюць, а калі не — прасіце пра яе самастойна. Пры патрэбе ўначы дзяжурце з мужам па чарзе, каб высыпацца (калі з гэтым складана — падумайце над тым, каб часова паклікаць на дапамогу бабу ці наняць няньку).

Што карыснага пачытаць і паглядзець па тэме?

Людміла Петраноўская «Мама на нулі» (фільм і кніга).

Nina.nn.by, фота на застаўцы promum.com